Філіял “Гарадская дзіцячая бібліятэка” прапануе кніжную выставу “Па старонках беларускай літаратуры”. На выставе прадстаўлены беларускія народныя казкі з цудоўнымі ілюстрацыямі, цікавыя апавяданні і неверагодныя гісторыі беларускіх аўтараў.

Кажура, В.

Ад дзеда і ўнукаў — дзеткам навука: народныя прыкметы ў вершах / Віктар Кажура; мастак Анастасія Сліжук. - Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2026. - 55 с.

 

Веды, назапашаныя папярэднімі пакаленнямі, перадаваліся дзецям праз вусныя павучанні, ад бацькі да сына, ад дзеда да ўнукаў. Вялікае значэнне нашы продкі надавалі назіранню за прыродай, ад якой шмат у чым залежалі. Пільную ўвагу звярталі яны на аблокі, вецер, колер зары пры захадзе і ўсходзе сонца. Па паводзінах жывёл і раслін вучыліся прадказваць надвор’е. Вынікам такога шматвекавога вопыту сталі народныя прыкметы, якія былі сабраны і пададзены вядомым беларускім паэтам Віктарам Кажурам у выглядзе павучанняў дзеда сваім унукам Ангелінцы і Цімошку. А мастачка Анастасія Сліжук з любоўю аздобіла старонкі кнігі цудоўнымі яркімі ілюстрацыямі.

Ішоў Бай па сцяне... : беларускія народныя казкі ў літаратурнай апрацоўцы Юрыя Пацюпы; ілюстрацыі Маі Пейхвасэр ; Нацыяналья акадэмія навук Беларусі, Цэнтр даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. - Мінск : Беларуская навука, 2026. - 86, [1] с.

 

Зборнік беларускіх народных казак пра жывёл, птушак і чароўных істот падрыхтаваны на аснове фальклорнага матэрыялу з фондаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Літаратурная апрацоўка народных твораў робіць іх даступнымі для ўспрымання сучаснай чытацкай аўдыторыяй. Кніга прызначаецца для шырокага кола чытачоў.

Дземідовіч, Т.

Светлая дарога дадому : аповесці / Таццяна Дземідовіч. - Мінск : Беларусь, 2025. - 47, [1] с.

 

Кароткія апавяданні насычаны падзеямі і сапраўды дзіцячым настроем. Галоўная гераіня Настасся, любімая ўнучка сваіх дзядулі і бабулі, у захапленні ад неверагодных адкрыццяў свету прыроды.

Кніга будзе цікавая як зусім малым, так і старэйшым дзецям і іх бацькам. Яна падорыць хвіліны прыгожага слова і дабра.

Чытанне на канікулы: чытанка-буслянка / складальнік М. В. Жуковіч; мастак А. І. Рубан. - Мінск: Беларусь, 2026. - 294, [1] с.

 

У кнізе змешчаны творы вуснай народнай творчасці, празаічныя і паэтычныя творы, літаратурныя казкі, рэкамендаваныя для пазакласнага чытання. Распрацаваны пазнавальны і метадычны апарат будзе спрыяць фарміраванню ў вучняў чытацкай адукаванасці ў малодшых школьнікаў, а таксама знаёміць іх з дзіцячай літаратурай як мастацтвам слова.

Ткачоў, В.

Сінічка-паштальён: апавяданні / Васіль Ткачоў ; укладальнік Алесь Бадак. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2026. - 110 с.

 

Кнігу склалі найлепшыя апавяданні, адрасаваныя дзецям, вядомага беларускага пісьменніка Васіля Ткачова.

Героі яго твораў самі робяць добрыя справы і вучаць іх рабіць іншых.

Багдановіч, Л.

Зорныя арэлі : казкі / Лёля Багдановіч ; мастак Ганна Архіпава. - Мінск : Звязда, 2025. - 157, [1] с.

 

У новым зборніку дзіцячай пісьменніцы Лёлі Багдановіч прадстаўлены казкі, якія вучаць юных чытачоў быць добрасумленнымі, шчырымі, уважлівымі, працавітымі, ветлівымі, а таксама цаніць сяброўства, марыць, заўважаць прыгажосць. Творы паспрыяюць выхаванню ў дзяцей паважлівых адносін да старэйшых, любові да жывёльнага і расліннага свету, родных мясцін, імкнення рабіць дабро і дарыць радасць.

Аўласенка, Г.

Як валошкі назву гораду далі: тапанімічныя казкі / Генадзь Аўласенка; мастак Кацярына Казлоўская. - Мінск: Звязда, 2024. - 117, [3] с.

 

Новая кніга Генадзя Аўласенкі змяшчае тапанімічныя казкі. У іх аўтар  паспрабаваў адказаць на пытанне, з чым можа быць звязана паходжанне назвы таго ці іншага населенага пункта Мінскай вобласці. Шчыра спадзяваемся, што юныя чытачы, якія пазнаёмяцца з незвычайнымі апавяданнямі пра таямніцы тапонімаў, усур’ёз зацікавяцца гістрыяй роднага краю.

Каго баіцца зубр?: [вершы, апавяданні] / укладальнікі: Ірына Фёдарава, Дар'я Казлоўская. - Мінск : Беларусь, 2025. - 127 с.

Кніга «Каго баіцца зубр?» — займальнае падарожжа ў свет прыроды, дзе юны чытач пазнаёміцца з жывёламі, раслінамі і дзіўнымі з’явамі прыроды праз чароўныя вершы і захапляльныя апавяданні. Творы такіх аўтараў, як А. Жук, Я. Пархута, В. Вітка, Г. Загурская і іншых, дапамогуць дзецям палюбіць прыроду, навучаць назіраць і клапаціцца пра яе, пашыраць кругагляд і падораць радасць адкрыццяў.